Новости проекта
Отвечаем на ваши вопросы!
Важные моменты в Инструктивно-методическом письме
Новинка! Отчеты по ведению электронного журнала
Конкурс продолжается!
Выставка "Образование и карьера 2019"
Голосование
Что для вас шестой школьный день?
Всего 39 человек
Голосование
Чем чаще всего вы занимаетесь в свободное время?
Всего 122 человека
Голосование
Нравится ли Вам сайт?
Всего 285 человек

Газета "НАСТАЎНІЦКАЯ ГАЗЕТА"

Дата: 4 февраля 2016 в 16:09, Обновлено 9 октября 2018 в 14:11

Все материалы взяты с официального сайта газеты

Сайт газеты "Настаўніцкая газета" 

Калі мэта вядома

09.10.2018 12:19 Спартыўныя падзеі без каментарыяў

Прыцягненне дзіцяці да ўпартай сістэматычнай працы заўсёды патрабуе намаганняў. Відавочна, што ў яго павінна быць матывацыя. Як дапамагчы вучню знайсці ў сабе сілы для дасягнення вызначаных мэт? Над гэтым пытаннем працавала творчая лабараторыя класных кіраўнікоў Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна на пашыраным пасяджэнні “Пошук нетрадыцыйных падыходаў да матывацыі навучэнцаў”. Калі было ўзнята пытанне, як матываваць дзяцей да заняткаў фізкультурай і спортам, адказ у настаўніка фізічнай культуры і здароўя ўзнік адразу: “Патрэбны яскравы прыклад і заахвочванне за дасягнутыя вынікі”. Гэтая ідэя адразу ж была падхоплена, пачаўся пошук яе ажыццяўлення.

Варыянт рашэння быў прапанаваны школьным бібліятэкарам Н.А.Юшкевіч: арганізаваць паездку для лепшых спартсменаў установы адукацыі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Разам з камандай!” у Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь. Аказаць садзейнічанне ў рэалізацыі задумы пагадзіліся начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага райвыканкама А.А.Анікевіч, дырэктар філіяла “Навагрудскі хлебазавод” А.М.Паркалаў, спецыяліст аддзела інфармацыі НАК Беларусі Сяргей Ганчарэнка. Сяргей Аляксандравіч прапанаваў арганізаваць сустрэчу хлопчыкаў і дзяўчынак з сельскай школы з двухразовай чэмпіёнкай свету бронзавым прызёрам Алімпіяды ў Пекіне па сучасным пяцібор’і Настассяй Пракапенка. Сапраўды яскравы прыклад! І сапраўды годнае заахвочванне за дасягнутыя вынікі!

Сюрпрыз чакаў усіх наперадзе. На сустрэчу з навучэнцамі сельскай школы чэмпіёнка свету прыйшла 20 верасня, у дзень свайго нараджэння. У юных спартсменаў была магчымасць павіншаваць Настассю Пракапенка, паспаборнічаць з ёй у стральбе, на бегавой дарожцы, выкарыстаўшы сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі, задаць пытанні, наведаць музей алімпійскай славы. Натхнёныя, акрыленыя, дзеці вярнуліся дадому. І калі на наступны дзень ім давялося прыняць удзел у раённых спаборніцтвах па лёгкаатлетычным кросе “Дзень стаера”, каманда пятрэвіцкай школы заняла 2-е месца.

Аднак намаганні нашых педагогаў у пошуку нетрадыцыйных форм матывацыі навучэнцаў не скончаны. У гэтым кірунку яшчэ трэба прайсці доўгі шлях.

Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце 
Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.
Фота Наталлі ЮШКЕВІЧ.

Калі матуля — педагог

Наколькі насычанае жыццё ў сучаснага настаўніка, гаварыць не даводзіцца. Той, хто працуе ў сферы адукацыі, аб гэтым ведае не па чутках. А каб быць прыкладам членам сваёй сям’і і весці за сабой маладых матуль, быць ім адначасова і сябрам, і настаўнікам, трэба быць звышжанчынай. На ўсё гэта хапае часу, запалу, энергіі, задум у кіраўніка клуба маладых матуль “Абліччы сям’і” Людмілы Уладзіміраўны Шастак.

Пры пастаноўцы пытання аб тым, каму быць кіраўніком клуба маладых матуль, іншых прапаноў быць і не магло. Людміла Уладзіміраўна заўсёды ў цэнтры ўвагі ў школе, дзе працуе, у пярвічнай арганізацыі БРСМ Навагрудскага раёна, яна заўсёды на сельскай, раённай, абласной сцэне. І не адна, а са сваёй сям’ёй — мужам Уладзімірам і дачкой Дар’яй, вучаніцай другога класа. Яна — прыклад маладым матулям аграгарадка, раёна, прыклад дзецям.

Яе жыццёвай энергіі можна пазайздросціць. Калі праходзіць раённы конкурс на лепшага Дзеда Мароза і Снягурку, то сям’я Шастак — у першых радах. Менавіта яны запальваюць галоўную ёлку раёна, бо сталі пераможцамі: тата — Дзед Мароз, мама — Снягурка, дачка — Малпачка, сімвал года.

Калі спаборніцтвы па валейболе ці раённы крос — Людміла Уладзіміраўна на спаборніцтвах. Калі абласны конкурс “Уладар сяла” (2015, 2016 гады) — яна са сваёй сям’ёй абараняе гонар раёна. Як вынік — першае месца ў намінацыі “Давайце пазнаёмімся”, другое — у намінацыі “Лепшае сельскае падвор’е”.

Песні Людмілы Уладзіміраўны гучаць з пляцовак раёна, вобласці, яе голас чаруе сэрцы. Яе энергіі зайздросцяць (у добрым сэнсе гэтага слова) маладыя матулі аграгарадка, яе клічуць на сямейныя святы, у яе пытаюцца парады пры складаных жыццёвых сітуацыях. Інакш і быць не можа. Пры правядзенні мерапрыемстваў для маладых матуль яна не толькі вядучая, псіхолаг, кіраўнік, але і актыўны ўдзельнік. Такія людзі прыцягваюць. З імі лёгка і ўтульна.

За мамай падцягваецца маленькая дачка Дар’я. Яна пераможца многіх агульнашкольных конкурсаў, друкуецца ў дзіцячых газетах, дыпламант раённага конкурсу “Навагрудскія зорачкі” (дыплом ІІІ ступені). Дар’я з ранняга ўзросту лічыць, што жыццё кожнай дзяўчынкі, жанчыны павінна быць напоўнена грандыёзнымі падзеямі, што нельга спыняцца на дасягнутым. Толькі так — ніяк інакш. Такім жыццём жыве яе матуля — самы дарагі і родны чалавечак, арыенцір і пуцяводная зорка ў пачатку яе жыцця.

Сама Людміла Уладзіміраўна словы “Калі не я, то хто?” прыняла як дэвіз свайго жыцця, а наперадзе столькі нерэалізаваных ідэй, столькі задум…

“Хапіла б на ўсё часу!” — перажывае матуля-педагог.

Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ, 
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце 
Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы 
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. 
Фота Наталлі ЮШКЕВІЧ

Загадкавыя джунглі

Летні вялікі перапынак дадзены школьнікам не толькі для ўмацавання іх здароўя, фізічнай загартоўкі, аднаўлення сіл пасля доўгага навучальнага года. Гэта час і іх маральнага, інтэлектуальнага ўзбагачэння, час дзеянняў, проб і праверкі сваіх сіл, час асваення і асэнсавання навакольнага свету. Як правіла, актыўны адпачынак дзяцей адбываецца ў аздараўленчых летніках, у санаторыях, у прышкольных летніх аздараўленчых лагерах.

Гэтым летам наша школа расчыніла дзверы для 20 дзетак ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў і прапанавала адправіцца ў падарожжа па… загадкавых джунглях, дзе яны на нейкі час ператварыліся ў жыхароў прыморскіх краін. Кожны дзень хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць астравы: “Казка ў джунглях”, “Танцы этнічных груп папуасаў”, “Інтэлектуальны” і г.д. Свае вандроўкі дзеці ажыццяўляюць па карце падарожніка. Цікавасць да мерапрыемстваў, якія праводзяцца, узмацняецца тым, што на кожным востраве адбываюцца сустрэчы з яго жыхарамі, якімі з’яўляюцца старшакласнікі-валанцёры, студэнты педагагічных ВНУ (былыя выпускнікі школы). Менавіта яны на працягу ўсяго дня гуляюць, праводзяць цікавыя мерапрыемствы разам з дзецьмі, выступаюць у вобразах герояў тых самых загадкавых джунгляў.

У кожнага дзіцяці ёсць дзённік падарожніка са сваім фотаздымкам, дзе дзеці дзеляцца ўражаннем пра жыццё на востраве. Кожны дзень метадам жараб’ёўкі выбіраецца гаспадар вострава. Калі ён праходзіць усе выпрабаванні на працягу ўсяго дня, значыць, востраў называюць у яго гонар і жыхары ўручаюць яму абярэг.
Змянілася і сама школа. У фае з’явіліся экватарыяльныя ліяны з вясёлымі малпачкамі, дрэва настрою, камень-даведнік, які паказвае шлях у сталовую, гульнявы пакой, спартыўную залу і на вуліцу: “Прама пойдзеш — здароўе знойдзеш”, “Направа пойдзеш — смачняшку знойдзеш”, “Налева пойдзеш — забаву і адпачынак знойдзеш”, “Назад пойдзеш — гаючую сілу знойдзеш”. А калідоры школы ператварыліся ў паўастравы “Чысты”, “Ціхі”, “Смачны”, “Спартыўны”, “Гульнявы”.

Не засталіся ў баку ад наведвання нашых загадкавых джунгляў і сацыяльныя партнёры — РАНС, дэпартамент аховы, кінавідэапракат Навагрудка, адміністрацыя Дома-музея А.Міцкевіча. Не рэдкімі гасцямі нашых джунгляў сталі і дзеці, якія прыехалі пагасціць да родных на лета. Іх прысутнасць прыўносіць толькі пазітыўны ажыятаж для абарыгенаў астравоў. Мы рады, што змаглі зацікавіць такую колькасць людзей. Гэта толькі ўзмоцніць згуртаванасць дзяцей у летні перыяд, павысіць значнасць і выніковасць дзейнасці школы ў рамках рэалізацыі праектаў “Лета на карысць”, “Лета-2016: час адпачынку і сацыяльна значных спраў”.

Таццяна ЦЕЦЯРУК,
начальнік аздараўленчага лагера Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы 
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота Наталлі ЮШКЕВІЧ

чытайце на старонках "Настаўніцкай газеты" №42 ад 16.04.2016г. стр. 10

Вырашаем праблему гендарнага выхавання

Адной з актуальных праблем сучаснага жыцця з’яўляецца гендарнае выхаванне. Як дапамагчы дзецям, падлеткам разабрацца ў прызначэнні іх традыцыйных мужчынскіх і жаночых роляў? Над гэтым пытаннем працуе кожная ўстанова адукацыі. Сваю сістэму, традыцыі мае і Пятрэвіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Пачынаецца ўсё з малодшых класаў. Што ні класны калектыў — то свая асаблівасць, свой падыход. У класе, дзе займаецца 1 дзяўчынка і 4 хлопчыкі, прынята рашэнне аб тым, што мужчынам будзе не даспадобы, калі дзяўчынка на роўных з імі будзе дзяжурыць па класе. Мужчыны змогуць гэта зрабіць самастойна. У класе, дзе роўная колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак, адразу два дзяжурныя па класе — хлопчык і дзяўчынка, у кожнага свая роля, свой аб’ём работы. У класе, дзе час ад часу ўзнікаюць канфлікты паміж хлопчыкамі і дзяўчынкамі, выйсце знаходзяць праз “чароўнае крэсла”, прысеўшы на якое, ты павінен гаварыць толькі праўду аб тым, якімі ты сабе ўяўляеш сапраўдных хлопчыкаў і дзяўчынак. У сярэднім і старшым звяне іншыя падыходы. Тут на класных гадзінах абмяркоўваюць сучасныя падыходы да жанчыны — маці, жонкі; мужчыны — бацькі, мужа; рэалізоўваюцца сумесныя з Беларускай Праваслаўнай Царквой доўгатэрміновыя праекты “Адзін раз на ўсё жыццё”, арганізоўваюцца пасяджэнні клуба цікавых сустрэч, на якія запрашаюцца мужчыны і жанчыны з цікавым лёсам, мужчыны і жанчыны, якія ўвасабляюць у сабе жаноцкасць і мужнасць.

Традыцыйнымі сталі агляды-конкурсы “Міс школы года” і “Містар школы года” (на пасяджэнні савета “Садружнасць” было прынята рашэнне аб удзеле юнакоў і дзяўчат старшых класаў; піянеры і акцябраты ўнеслі свае карэктывы: у агульнашкольным конкурсе павінны ўдзельнічаць усе класы!); мерапрыемствы да асноўных дат — 8 Сакавіка, Дня маці, 23 лютага; паказы высокай моды “Вясенні капеж”, дзе дэманструюцца апошнія модныя павевы для юнакоў і дзяўчат, парад школьнай формы, лепшая прычоска юнака, дзяўчыны і г.д. Праводзяцца бацькоўскія суботы “Я магу навучыць сваю дачку”, “Я магу навучыць свайго сына”.
Пяты год запар школа з’яўляецца актыўным прапагандыстам мерапрыемстваў у кірунку гендарнага выхавання сярод сельскіх школ раёна. Менавіта на базе нашай школы 5 разоў праводзілася міжшкольнае шоу “10 прычын закахацца”, якое з’яўляецца аналагам телевізійнага шоу (ад адной школы ўдзельнічае 10 дзяўчат і вядучая, ад другой школы — 10 юнакоў і вядучы). Ідэя з’явілася невыпадкова. Адным са стымулаў стала арганізацыя вольнага часу вучняў старшых класаў у сельскай мясцовасці, дзе колькасць навучэнцаў з кожным годам памяншаецца. Ды і цікава пазнаёміцца бліжэй з юнакамі і дзяўчатамі іншых школ раёна (пасля правядзення мерапрыемства сяброўства застаецца нават у студэнцкія гады). Гасцямі ў нашай школе ўжо былі юнакі і дзяўчаты Валеўскай, Вераб’евіцкай, Усялюбскай, Нягневіцкай сярэдніх школ.
Люты гэтага года стаў асабліва насычаным. З 15 па 19 лютага ў Гродзенскай вобласці праходзіць абласная акцыя “Слухаць гатовы!” з мэтай выхавання гендарнай культуры падлеткаў і моладзі. У рамках акцыі праведзена крэатыўная фотасесія для навучэнцаў “Наша прыгожая школа і мы ў ёй”. Праведзена традыцыйнае шоу “10 прычын закахацца”, удзел у якім паўторна прынялі вучні Вераб’евіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
У нас яшчэ столькі ідэй! Запрашаем да нас юнакоў і дзяўчат з іншых раёнаў!

Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пятрэвіцкага 
дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.
Фота Наталлі ЮШКЕВІЧ.

Аншлаг у Пятрэвічах

Горад Субоцк. Яго няма ні на адной карце свету, яго няма ні ў адным даведніку, але менавіта яго штотыдзень наведваюць навучэнцы Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна і іх бацькі. Сюды адкрыта дарога ўсім жадаючым, якія пражываюць у аграгарадку Пятрэвічы.

Галоўных вуліц тут чатыры: Здароўя, Тэматычная, Гуртковая, Карысных спраў. Горад папаўняецца завулкамі, новымі адміністрацыйнымі будынкамі. Тут жывуць свае традыцыі, з’яўляюцца новыя справы (тыя, што былі не даспадобы жыхарам гэтага горада, адсейваюцца, а крэатыўныя, душэўныя прыжываюцца).
Бывае ў гэтым горадзе аншлаг: яго вуліцы запаўняюцца сталымі наведвальнікамі, турыстамі, якія ўпершыню сюды трапілі з мэтай азнаямлення, проста цікаўнымі людзьмі, спартсменамі і ахвотнымі культурна, з карысцю правесці вольны час. Такія дні тут завуцца “бацькоўскімі суботамі”.
Такім стаў чарговы суботні дзень. Вуліцы горада былі маляўніча аформлены, адкрыты спартыўныя, інфармацыйныя аб’екты, галоўная плошча горада зіхацела агнямі, грукатала музыка, чуўся дзіцячы смех.
Жыхары і госці горада маглі наведаць спартыўнае свята “Снег кліча”, гадзіну сумеснага адпачынку “Я магу навучыць сваё дзіця…”, канцэрт “Дзеці — бацькам!”.
На спартыўным свяце спаборнічалі тры каманды. Дзеці дзівіліся спартыўным здольнасцям сваіх бацькоў, бацькі — магчымасцям сваіх дзяцей.
Пры наведванні гадзіны сумеснага адпачынку “Я магу навучыць сваё дзіця…” бацькі паказвалі майстар-класы па розных кірунках: гатавалі ежу (салодкае жэле, манты), віртуозна прасоўвалі падушку ў навалачку, выраблялі арыгамі да святочнага стала, прышывалі гузікі, выводзілі на адзенні плямы. Ад работы адрываліся толькі для ўдзелу ў жартоўных конкурсах.
На галоўнай плошчы горада выступалі з гала-канцэртам самыя вядомыя спевакі, танцоры, музыканты горада — дзеці.
Час праляцеў імгненна. Сустрэча зацікавіла бацькоў, маладых педагогаў. Наступны раз горад сустрэне дзядуляў і бабуль. Яны будуць вучыць унукаў асновам моцнага здароўя. Па ініцыятыве бацькоў у горадзе пройдзе КВЗ “Бацькі — настаўнікі — дзеці”.

Аксана ЗАСАДЗІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.